РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л. лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)